Пастаянны кантроль за вытворчым працэсам
Садружнасць гандлюе зерневымі, іншымі сельскагаспадарчымі культурамі.
“Наша кампанія садзейнічае развіццю раслінаводства. У тых краінах, куды яна прыйшла, пабудавала свае заводы, вельмі хутка падцягнулася ўся аграрная інфраструктура. Сельгасвытворцы зарыентаваліся і перайшлі на вырошчванне соі і рапсу. Хочацца, каб так было і ў Беларусі”, - сказаў Ігар Каратчэня.
Дарэчы, кіруючая кампанія знаходзіцца ў Мінску і кіруе трыма структурамі: заводам “Белагратэрмінал”, “Садружнасцю Транс-Агра” (чыгуначная кампанія) і “Садружнасцю агратрэйд”, якая займаецца закупкамі сыравіны для “Белагратэрмінала” і рэалізацыяй прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. А яшчэ ў функцыі кіруючай кампаніі ўваходзіць распрацоўка стратэгіі і кіраўніцтва ўсімі актывамі.
Для “Белагратэрмінала” куплены, завезены і зарэгістраваны ў Смаргоні 200 вагонаў. З іх 125 цыстэрнаў, 75 вагонаў хопераў. На пазамінулым тыдні кампанія ўзяла яшчэ 100 вагонаў у арэнду ў Літве. Тэхнічны парк плануецца павяліч ваць і надалей.
На “Белагратэрмінале”, які складаецца з завода і дапаможных структур, працуе каля 300 чалавек. 45% работнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 55 – сярэднюю і сярэдне-тэхнічную. Ёсць спецыялісты з Калінінграда, некаторых рэгіёнаў Беларусі, нямала смаргонцаў.
На прадпрыемстве наладжваецца адукацыйная сістэма. Тут будуць выкарыстаны лепшыя сусветныя тэхналогіі па навучанні работнікаў. На прадпрыемства было завезена і зманціравана новае імпартнае тэхналагічнае абсталяванне сусветна вядомых вытворцаў з Італіі, Швейцарыі, Германіі. “Калі будавалі завод – можна было сэканоміць, - адзначыў Ігар Каратчэня. - Альтэрнатыўнае абсталяванне каштавала каля 7-8 мільёнаў долараў ЗША. Але кіраўніцтва кампаніі вырашыла купіць больш дарагое, каб яно працавала доўга і без збояў, на ім можна было выпускаць якасную прадукцыю, не забруджваючы навакольнае асяроддзе”. Якасць прадукцыі – галоўная задача для кампаніі. Таму на лабараторыю было затрачана больш за 10 мільёнаў долараў ЗША. Замяраюцца ўсе параметры выпускаемай прадукцыі. Таму яе купляюць нават прыдзірлівыя ў плане якасці спажыўцы з Нарвегіі, Швецыі, Германіі, на чый рынак вельмі складана патрапіць вытворцам з іншых краін.
“Нараўне з пытаннямі вытворчасці, захоўвання і перавозкі прадукцыі на “Бел агратэрмінале” вялікая ўвага надаецца прыродаахоўным пытанням, сказала інжынер па ахове навакольнага асяроддзя Таццяна Філістовіч. Наладжаны вытворчы кан троль. Ён ажыццяўляецца згодна з устаноўленым графікам, які зацверджаны кіраўніком прадпрыемства і ўзгоднены з галоўным санітарным урачом Смаргонскага раёна. У межах санітарна-ахоўнай зоны кантралююцца параметры атмасфернага паветра ў 8 пунктах па ўсіх паказчыках. Штомесяц днём і ноччу правяраецца ўзровень шуму. За час работы прадпрыемства не зарэгістравана перавышэння ўстаноўленых нормаў.
На “Белагратэрмінале” працуюць ачышчальныя збудаванні для ліўнёвых сцёкавых вод і станцыя па біялагічнай ачыстцы, праводзіцца раздзельны збор адходаў, ёсць кантэйнерная пляцоўка. Адходы вытворчасці выкарыстоўваюцца ў біягазавай устаноўцы для атрымання біягазу, з іх вырабляюць паліўныя пілеты. З работнікамі праводзіцца прыродаахоўнае навучанне. На прыродаахоўныя мерапрыемствы выдаткоўваюцца даволі вялікія сумы грошай.
У вытворчым працэсе выкарыстоўваецца гексан, які з’яўляецца лёгказагараемай і выбухованебяспечнай вадкасцю, таму для бяспекі на заводзе ўстаноўлена сістэма газааналізу, якая нават пры нязначнай канцэнтрацыі гэтага рэчыва поўнасцю блакіруе работу тэхналагічнага абсталявання. А яшчэ наладжана сістэма выбарачнага кантролю пры дапамозе пераносных газааналізатараў. Спецыялісты з аддзела працы і прамысловай бяспекі штодня ходзяць па прадпрыемству і замяраюць узровень загазаванасці. Замеры абавязкова праводзяцца пры выкананні любых рамонтных работ на экстракцыйным участку.
Пытанні аб бяспецы, іншых напрамках дзейнасці вытворча лагістычнага комплексу “Белагратэрмінал” задалі прадстаўнікам адміністрацыі гэтага прадпрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Рамановіч, кіраўнікі-дэпутаты Максім Кузьмянок, Дзяніс Мінко, Ганна Джумкова, а таксама галоўны санітарны ўрач раёна Марына Турэйка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікенцій Найдзіч, іншыя ўдзельнікі дня адкрытых дзвярэй. Па тэрыторыі прадпрыемства была праведзена экскурсія.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Источник: газета "Светлы шлях".Вернуться ко всем новостям